6 ліпеня 2021 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Святы і абрады беларусаў». Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце. Мастак В.Чайчук. Дызайн Я.Бядонік. Каляды – вясёлае зімовае свята. Да сучаснасці дайшла цікавая традыцыя – калядаванне. Увечары моладзь апраналася ў жывёл і розных чароўных істот, яны хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго найлепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Вялікдзень – галоўнае хрысціянскае свята. Ужо больш за 2 тысячы гадоў у гэты дзень святкуецца Уваскрэсенне Ісуса Хрыста. Папярэднічае святу Вялікі пост – духоўная падрыхтоўка хрысціян да знамянальнай падзеі, якой прысвечаны разнастайныя хрысціянскія звычаі і абрады. У цэнтры велікоднай абраднасці знаходзіцца яе своеасаблівы сімвал – пафарбаванае яйка. Купалле – свята, якое звязана з вялікай колькасцю легенд і паданняў. Адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня па праваслаўным календары і 24 чэрвеня па каталіцкім. Пошук папараць-кветкі – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы. Па народных павер'ях, квітнеючы папаратнік не толькі выконвае патаемныя жаданні, але і дапамагае знаходзіць скарбы. Багач – свята ўраджаю. Адзначалі Багач у дзень восеньскага раўнадзенства. Было прынята пячы вялікі каравай з зерня новага ўраджаю, а таксама запаўняць усёй вёскай лубок свежанамалочаным жытам. У яго ўстаўлялі свячу і ўрачыста абыходзілі з гэтым «багачом» усю вёску, пасля чаго пакідалі яго на год у аднаго з гаспадароў. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў. Да паштовай маркі «Купалле» (№1418) прымяняецца тэхналогія дапоўненай рэальнасці: пры навядзенні на марку камеры смартфона з запушчаным прыкладаннем AR MARKA BELARUS з'яўляецца спецыяльна створаны сцэнарый. У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 26 Віцебска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў. Мастак В.Чайчук. Дызайн Я.Бядонік. РУП «Белпошта». PDF