Місувязі выпускае ў абарачэнне паштовую марку «125 гадоў з дня нараджэння Г.К.Жукава»

1 снежня 2021 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «125 гадоў з дня нараджэння Г.К.Жукава». Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Сярэдняй школай № 83 г. Мінска імя Г.К.Жукава. Дызайн Я.Бядонік.

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Георгій Канстанцінавіч Жукаў (1896–1974) – Маршал Савецкага Саюза (1943), чатыры разы Герой Савецкага Саюза (1939, 1944, 1945, 1956). Удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў. У Вялікую Айчынную вайну – член Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання (з 23 чэрвеня 1941 г.), камандуючы Рэзервовым, Ленінградскім і Заходнім франтамі, са жніўня 1942 г. – першы намеснік наркама абароны і намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючага. У 1942–1943 гг. каардынаваў дзеянні франтоў пад Сталінградам, па прарыве блакады Ленінграда, у Курскай бітве і бітве за Днепр. Камандаваў 1-м Украінскім фронтам (сакавік – май 1944 г.), каардынаваў дзеянні 1-га і 2-га Беларускіх франтоў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі «Баграціён». З лістапада 1944 г. па чэрвень 1945-га камандаваў 1-м Беларускім фронтам. 8 мая 1945 г. прымаў капітуляцыю ўзброеных сіл фашысцкай Германіі. 24 чэрвеня 1945 г. прымаў парад Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве.


https://www.belpost.by