20 мая 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне дзве паштовыя маркі з серыі «Службовыя сабакі пагранічнай службы Беларусі». Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце. Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Дызайн М. Віткоўскай. Асабовы склад органаў пагранічнай службы Беларусі дастойна працягвае слаўныя традыцыі папярэдніх пакаленняў абаронцаў граніц, надзейна забяспечвае пагранічную бяспеку нашай краіны. На ўзбраенне ў пагранічныя органы паступаюць самыя дасканалыя тэхнічныя сродкі. Тым не менш непераўзыдзенымі і незаменнымі памочнікамі ў ахове знешніх рубяжоў застаюцца службовыя сабакі. Востры нюх, смеласць і вынослівасць – тыя якасці, якімі валодаюць службовыя сабакі пагранічнай службы Беларусі. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь. У аснове марак і на купонах малога ліста – фота І. Сяргеева, В. Байкоўскага, М. Бут-Гусаіма, І. Ярывановіча, С. Каржыцкага, А. Пылінскага, а таксама з архіва Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь. У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Мінска і ў аддзяленні паштовай сувязі № 2 Смаргоні Гродзенскай вобласці будуць праводзіцца спецыяльныя гашэнні на канверце «Першы дзень». PDF