19 красавіка 2023 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Асаблівасці вадаплаўных птушак». Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце. Мастак А. Міцянін. Дызайн М. Віткоўскай. Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна». Вадаплаўныя птушкі ўмеюць трымацца на паверхні вады. Гэтаму спрыяюць: лапы-ласты, у якіх пальцы злучаны плавальнай перапонкай; лёгкі шкілет – косці тонкія, большасць з іх запоўнены паветрам; будова контурных пёраў: шчыльнае перапляценне пёравых бародак утварае густы пласт, здольны адпіхваць ваду; незлічоныя бурбалачкі паветра, заключаныя ў найтанчэйшых поласцях пластоў апярэння; хвастцовая залоза, выдзяленнямі якой змазаны пёры. Калі птушкі плаваюць, вада абмывае толькі пёры звонку, а да ўнутраных пёраў і скуры не пранікае. Таму крылы нават ныраючых птушак застаюцца заўсёды сухімі, і, вынырнуўшы, птушка адразу можа ўзляцець. У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў. https://belpost.by PDF