16 верасня 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне тры паштовыя маркі на тэму «Віцебшчына» з серыі «Беларускі край». Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце. Дызайн Я. Бядонік. Фота С. Плыткевіча. Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Віцебшчына – калыска беларускай дзяржаўнасці. Менавіта тут у IX стагоддзі з'явілася першае дзяржаўнае ўтварэнне на беларускіх землях – Полацкае княства. Віцебская вобласць – адна з самых маляўнічых у нашай краіне. Па прыгажосці, унікальнасці фаўны і флоры, па багацці запаведных месцаў цяжка знайсці ёй роўных, а па колькасці і плошчы азёр вобласць мае першае месца ў Беларусі. Трэць тэрыторыі рэгіёна займаюць лясы, каля 60 % якіх – векавыя хваёвыя. Гэты паўночны рэгіён Беларусі шырока вядомы далёка за яе межамі дзякуючы турыстычнай інфраструктуры, фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і шматлікім таленавітым ураджэнцам. У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 26 Віцебска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». PDF