У Мінску адбылася канферэнцыя, прысвечаная прэзентацыі рэгіянальнага праекта Еўрапейскага саюза «EU4Digital: падтрымка лічбавай эканомікі і грамадства ва Ўсходнім партнёрстве»

5 верасня 2019 года ў г. Мінску адбылася канферэнцыя, прысвечаная прэзентацыі рэгіянальнага праекта Еўрапейскага саюза «EU4Digital: падтрымка лічбавай эканомікі і грамадства ва Ўсходнім партнёрстве»
У цырымоніі адкрыцця гэтай канферэнцыі прынялі ўдзел Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган і кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Беранд дэ Гроот.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь падчас выступлення з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі адзначыў, што Рэспубліка Беларусь падтрымлівае рэалізацыю гэтага рэгіянальнага праекта, накіраванага на развіццё сферы электронных паслуг і гарманізацыю лічбавага рэгулявання ў краінах Усходняга партнёрства, і зацікаўлена ў паспяховай рэалізацыі гэтага праекта.

Пры гэтым Міністр выказаў зацікаўленасць беларускага боку ў больш хуткім дасягненні важных практычных вынікаў гэтай працы, накіраванай на далейшае развіццё лічбавай эканомікі і грамадства ў краінах-удзельніцах Усходняга партнёрства, якія павінны быць падмацаваныя пачаткам рэалізацыі сумесных перспектыўных пілотных праектаў у галіне лічбавага ўзаемадзеяння паміж краінамі Ўсходняга партнёрства і Еўрапейскім саюзам і мець сваім вынікам павелічэнне дзелавой актыўнасці ў рамках Усходняга партнёрства, а таксама, у канечным рэзультаце, прывесці да далейшага развіцця і гарманізацыі лічбавых рынкаў краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага саюза.

Канстанцін Шульган выказаў надзею, што ў рэалізацыі гэтага праекта яго ўдзельнікі будуць абапірацца на вынікі падрыхтоўчай аналітычнай работы, праведзенай у рамках дзейнасці экспертных сетак краін-удзельніц Усходняга партнёрства ў папярэднія гады, а таксама ўлічваць нацыянальныя асаблівасці рэгулявання і развіцця сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у краінах -удзельніцах Усходняга партнёрства.

Праект «EU4Digital» з'яўляецца флагманскай ініцыятывай Еўрапейскага саюза, якая ўключае ў сябе шырокі спектр актыўнасці, накіраваных на падтрымку тэлекамунікацый і лічбавай сферы ў рамках «Усходняга партнёрства». У цяперашні час гэты праект разлічаны на тры гады, яго рэалізацыя пачалася ў 2019 годзе. Бюджэт праекта складае 11 мільёнаў Еўра.

Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца па шасці тэматычных напрамках, у ліку якіх тэлекамунікацыйны сектар, электронны гандаль, давер і бяспека, інавацыі ў сферы ІКТ, лічбавыя навыкі і электронная ахова здароўя.

Плануецца, што асноўнымі вынікамі рэалізацыі праекта стануць падпісанне Рэгіянальнага пагаднення аб роўмінгу паміж краінамі-удзельніцамі Усходняга партнёрства з мэтай зніжэння тарыфаў на роўмінг у межах Усходняга партнёрства, гарманізацыя выкарыстання радыёчастотнага спектру з мэтай наступнага разгортвання тэхналогіі 5G, рэалізацыя шэрагу пілотных праектаў: па напрамках выкарыстання функцыянальна сумяшчальнага лічбавага подпісу, па выкарыстанні кампанентаў электроннага гандлю, а таксама інструментаў электроннай камерцыі паміж краінамі-удзельніцамі Усходняга партнёрства і з краінамі Еўрапейскага саюза, па выкарыстанні механізмаў аператыўнага абмену інфармацыяй паміж пунктамі мытнага кантролю, па стварэнні пілотнага лічбавага мультымадальнага (марскога і сухапутнага) транспартнага калідора паміж Балтыйскім і Чорным марамі, стварэнне трансгранічнай платформы па супрацоўніцтве ў галіне электроннай аховы здароўя і іншыя.