5 красавіка 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі ў Мінску» з эмблемай Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі (РСС). Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай. Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Паштовы выпуск «Паркі і сады» працягвае серыю паштовых марак па тэматыцы РСС, адметнай рысай якіх з'яўляецца нанясенне эмблемы РСС на малюнак дзяржаўных знакаў паштовай аплаты і філатэлістычнай прадукцыі. На паштовай марцы – Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску – унікальны прыродны аб'ект садова-паркавага мастацтва, які спалучае функцыі сталічнай славутасці і важнейшага культурна-асветніцкага, эколага-выхаваўчага і адукацыйнага цэнтра. На канверце «Першы дзень» – фантан «Вянок» – галоўнае ўпрыгажэнне парку імя Янкі Купалы ў Мінску. У скульптурнай кампазіцыі дзве дзяўчыны, якія апускаюць на ваду вянкі. Сюжэт звязаны з беларускім народным святам – Купаллем. У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». PDF