ПАЛАЖЭННЕ аб калегіі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі

1. Калегія Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (далей адпаведна – Калегія, Міністэрства) з’яўляецца дарадчым органам Міністэрства, у сваёй дзейнасці кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, іншымі актамі заканадаўства, загадамі Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку гэтым Палажэннем.

2. У Міністэрстве ўтвараецца Калегія ў складзе Міністра (старшыня Калегіі), першага намесніка Міністра, намеснікаў Міністра, начальніка ўпраўлення перспектыўных інфармацыйных тэхналогій, начальніка ўпраўлення прававога забеспячэння і маёмасных адносін у сферы лічбавага развіцця, начальніка ўпраўлення лічбавага развіцця, начальніка ўпраўлення эканомікі і фінансаў, начальніка ўпраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектра, генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта», генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам», дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Цэнтр лічбавага развіцця», генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Агенцтва лічбавай трансфармацыі», старшыні Беларускага прафесійнага саюза работнікаў лічбавага развіцця і сувязі.

Сакратаром Калегіі з’яўляецца намеснік начальніка ўпраўлення кантролю, справаводства і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

3. На пасяджэннях Калегіі разглядаюць пытанні дзейнасці Міністэрства, падпарадкаваных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх належаць Рэспубліцы Беларусь і перададзены ва ўпраўленне Міністэрства (далей – арганізацыі, якія складаюць сістэму Міністэрства), якія патрабуюць калектыўнага абмеркавання і выпрацоўкі ўзгодненых рашэнняў, а таксама пытанні, якія тычацца:

  • выпрацоўкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне лічбавага развіцця працэсаў дзяржаўнага кіравання і каардынацыі ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у сферы дзяржаўнага кіравання;
  • вызначэння адзінай тэхнічнай і тэхналагічнай палітыкі ў сферы лічбавага развіцця для стварэння экасістэмы лічбавай эканомікі, у тым ліку адзінай архітэктуры дзяржаўных лічбавых платформ і патрабаванняў да далучаных да іх інфармацыйных сістэм;
  • перспектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця інфарматызацыі, лічбавага развіцця і сувязі;
  • навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферах інфарматызацыі, лічбавага развіцця і сувязі;
  • арганізацыі выканання рашэнняў, прынятых вышэйстаячымі органамі па пытаннях дзейнасці Міністэрства;
  • іншых напрамкаў дзейнасці Міністэрства, а таксама арганізацый, якія складаюць сістэму Міністэрства.

4. На пасяджэннях Калегіі абмяркоўваюцца пытанні:

  • кіраўніцтва арганізацыямі, якія складаюць сістэму Міністэрства;
  • падбору, расстаноўкі і эфектыўнага выкарыстання кадраў;
  • падрыхтоўкі праектаў найважнейшых лакальных прававых актаў Міністэрства;
  • іншыя ў межах кампетэнцыі Міністэрства.

5. На разгляд Калегіі могуць уносіцца праекты ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь, пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дзейнасць у сферах інфарматызацыі, лічбавага развіцця і сувязі, пытанні выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урада Рэспублікі Беларусь.

6. Калегія мае права:

  • залучаць да ўдзелу ў пасяджэннях кіраўнікоў арганізацый па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства, членаў Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лічбавага развіцця і сувязі;
  • заслухоўваць справаздачы кіраўнікоў структурных падраздзяленняў Міністэрства, кіраўнікоў арганізацый, якія складаюць сістэму Міністэрства.

7. Работа Калегіі асноўваецца на калектыўным, свабодным, дзелавым абмеркаванні, галоснасці і ўліку грамадскай думкі ў спалучэнні з калегіяльным разглядам і вырашэннем пытанняў з персанальнай адказнасцю членаў Калегіі за рэалізацыю прынятых рашэнняў.

8. Вызваленне членаў Калегіі ад удзелу ў пасяджэнні дапускаецца з дазволу старшыні Калегіі.

9. Дзейнасць Калегіі ажыццяўляецца на планавай аснове і ў адпаведнасці з рэгламентам работы Калегіі.