25 лістапада 2024 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай «85 гадоў Брэсцкай вобласці». Дызайн М. Крэзо.

Гісторыя Брэсцкай вобласці пачынаецца 4 снежня 1939 года, калі пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР былі ўтвораны вобласці, у тым ліку Брэсцкая.

Абласны цэнтр – Брэст – горад з тысячагадовай гісторыяй, першае летапіснае ўпамінанне пра які адносіцца да 1019 года.

Брэсцкая вобласць – край дзіўнай прыроды. Тут размешчаны ўнікальныя прыродныя комплексы, якія аб’ядноўваюць лясныя і балотныя ландшафты. Рэгіён мае высокі эканамічны патэнцыял у турыстычнай, транспартнай і аграпрамысловай сферах. 

Заходнія вароты Беларусі, цэнтр беларускага Палесся – гэта ўсё Брэстчына, якая славіцца вялікай колькасцю архітэктурных і гістарычных помнікаў. Адны з самых вядомых – Белавежская пушча і Геадэзічная дуга Струвэ – уключаны ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам.

Спецыяльнае памятнае гашэнне будзе праводзіцца 4 снежня ў аддзяленні паштовай сувязі № 10 Брэста.