Мінсувязі Беларусі выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Цудадзейны абраз Маці Божай Студэнцкай у Гродне».

16 верасня 2024 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Цудадзейны абраз Маці Божай Студэнцкай у Гродне».

Дызайн Я. Бядонік.

Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна».

Абраз Маці Божай Студэнцкай у Гродне з'яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базілікі Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore) – адной з самых вядомых і старажытных у хрысціянскім свеце. У XVII–XVIII стст. яе копіі разышліся па многіх краінах Еўропы.

У 1664 годзе абраз быў перададзены ў драўляны езуіцкі касцёл Пятра і Паўла, з таго часу Маці Божая Снежная стала апякункай Марыянскай кангрэгацыі ў Гродне, а яе абраз пачалі называць Кангрэгацкім або Студэнцкім. У 1686 годзе абраз прызнаны цудатворным, а ў 1705 годзе ўстаноўлены ў студэнцкай капліцы новапабудаванага фарнага касцёла, дзе знаходзіцца і зараз.

Каранаваны 28 жніўня 2005 года. Фарны касцёл у Гродне мае тытул малой базілікі, яго называюць таксама санктуарыем Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай).

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з прыходам кафедральнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя ў Гродне і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 25 Гродна будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».