13 верасня 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «31-ы Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў». Дызайн А.Мядзведзь. Марка друкавалася ў РУП «Выдавецтва «Беларускі Дом друку». Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў – міжнародная арганізацыя, створаная ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатуемых касмічных палётаў. Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў штогод збірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў. 31-ы кангрэс адбудзецца ў Мінску з 9 па 15 верасня. Праграма кангрэса ўключае пленарнае пасяджэнне, пасяджэнні тэхнічных секцый, выстаўку касмічных тэхналогій. Удзельнікі міжнароднага кангрэса выступяць перад прадстаўнікамі розных арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, а таксама пазнаёмяцца з культурна-гістарычнай спадчынай краіны. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. У дзень выпуску паштовай маркі ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». PDF