135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы

7 ліпеня 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы».
 
Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А. Ц. Непагодзіна».
 
Дызайн А.Мядзведзь.
 
Янка Купала (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 25.06 (07.07) 1882, фальварак Вязынка Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці) — 28.06.1942) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык.
Творчасць Янкі Купалы ад першага і да апошняга радка належыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры. Творы паэта сталі своеасаблівым мостам, які злучыў беларускую культуру з культурай сусветнай.
Купалава творчасць заслужыла сусветнае прызнанне: творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш «А хто там ідзе?» гучыць на 84 мовах народаў свету.
 
Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, будынак якога размешчаны на канверце «Першы дзень».
 
У аснове маркі партрэт Янкі Купалы (М. А. Савіцкі, палатно, алей, 1981) са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
 
У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
 
З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца тут.