Як будуць развівацца лічбавыя тэхналогіі ў краіне

Свет імкліва сыходзіць у лічбавае асяроддзе, і мы ідзём у гэтым кірунку ўзважана: без гонкі за модай, але з разуменнем, якія тэхналогіі сапраўды даюць карысць. Не алічбоўваць усё дзеля лічбы, а рабіць эканоміку больш эфектыўнай, жыццё людзей — больш простым і зручным — такія мэты Дзяржаўнай праграмы «Лічбавая Беларусь». Падрабязней пра яе карэспандэнту «Звязды» расказала намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Юлія ШАПКІНА.

— Юлія Аляксандраўна, Дзяржаўная праграма «Лічбавая Беларусь» уключае падпраграмы «Эканоміка даных», «Лічбавая дзяржава», «Лічбавы суверэнітэт». Што яны прадугледжваюць?

— Падпраграма «Эканоміка даных» — гэта падмурак усёй лічбавай трансфармацыі. Сёння даныя сталі стратэгічным рэсурсам, супастаўным па значнасці з энергіяй або інфраструктурай. Але пакуль дзяржаўныя органы часта працуюць кожны на сваім «лічбавым востраве»: даныя дублююцца, сістэмы недастаткова ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, з-за гэтага расце нагрузка на карыстальнікаў, якім даводзіцца шмат разоў прадстаўляць адны і тыя ж звесткі. Наша задача — стварыць адзіную прастору дзяржаўных даных, дзе інфармацыйныя сістэмы будуць «разумець» адна адну, а прынцып «аднаразовы ўвод інфармацыі — шматразовае выкарыстанне» стане нормай. Такім чынам мы не проста забяспечым алічбоўку ўсіх звестак, але і выключым праяўленне «лічбавай бюракратыі».

Адначасова будзе развівацца і тэлекамунікацыйная інфраструктура. Да 2030 года сярэдняя хуткасць мабільнага інтэрнэту ў Мінску павінна дасягнуць 135 Мбіт/с, у раённых цэнтрах — 110 Мбіт/с, а тры чвэрці абанентаў стацыянарнага інтэрнэту будуць карыстацца хуткасцю 100 Мбіт/с і вышэй. Такая база неабходна для запуску сучасных лічбавых сэрвісаў і шырокага прымянення тэхналогій штучнага інтэлекту.

Калі «Эканоміка даных» — гэта падмурак лічбавага развіцця, то «Лічбавая дзяржава» — гэта тое, чым будуць забяспечаны людзі. Гаворка ідзе аб пераходзе ад аказання разрозненых электронных паслуг да комплекснага вырашэння пытанняў у рамках жыццёвых сітуацый, у тым ліку па факце іх наступлення.

І, нарэшце, «Лічбавы суверэнітэт» — гэта наша тэхналагічная абарона. Мы ведаем, наколькі важна абапірацца на ўласныя рашэнні, таму мы фарміруем імпартанезалежную экасістэму праграмнага забеспячэння.

— Прадугледжана, што падпраграма «Эканоміка даных» будзе вырашаць задачы па аказанні паслуг сувязі, якія адпавядаюць новым стандартам якасці жыцця. Якія гэта будуць паслугі? Што датычыцца штучнага інтэлекту, ці будзе ён выкарыстаны ў дасягненні пастаўленых задач?

— Падпраграма «Эканоміка даных» цесна звязана з якасцю жыцця. Што датычыцца новых паслуг сувязі, гаворка ідзе перш за ўсё аб стабільным, хуткім і даступным інтэрнэце — у горадзе, у раённым цэнтры, у аграгарадку, дома і на працы.

За найбліжэйшыя пяць гадоў сярэдняя хуткасць мабільнага інтэрнэту вырасце прыкладна ў 4 разы (у тым ліку за кошт развіцця сеткі 5G), павялічыцца прапускная здольнасць сетак сотавай сувязі ў 2 разы. Працягнецца падключэнне абанентаў па тэхналогіі GPON, якая ўжо сёння дазваляе забяспечваць хуткасць 100 Мбіт і вышэй. Асноўны акцэнт будзе зроблены на новыя жылыя раёны і індывідуальную забудову, уключаючы сельскую мясцовасць.

Інфраструктура — гэта аснова. На яе базе будуць укараняцца і развівацца прыкладныя лічбавыя рашэнні для дзяржавы, бізнесу і грамадзян. Для дзяржавы — гэта лічбавыя платформы ў падатковай і мытнай сферах, транспарце, лясной гаспадарцы, экалогіі, нацыянальнай бяспецы. Для бізнесу — 

інструменты празрыстага ўліку і нагляду за таварамі, суправаджэнне знешнеэканамічнай дзейнасці, а таксама лічбавыя сэрвісы, якія спрашчаюць паўсядзённую дзейнасць бізнесу. Для грамадзян — інтэлектуальныя сістэмы бяспекі, віртуальныя асістэнты для спрошчанага доступу да дзяржаўных электронных паслуг.

Асобная ўвага будзе ўдзелена тэхналогіям штучнага інтэлекту. Ужо сёння ў Беларусі сфарміраваны сур’ё-

зныя кампетэнцыі для прымянення ШІ ў медыцыне, біятэхналогіях, фармакалогіі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы. У найбліжэйшыя гады ён стане інструментам паўсядзённай работы дзяржавы — для аналізу вялікіх масіваў даных, прагназавання, падтрымкі прыняцця рашэнняў.

Будзе створана нацыянальная платформа кіравання жыццёвым цыклам ШІ-мадэляў, сістэма абязлічаных датасетаў, нацыянальны корпус даных і моўных тэхналогій. Гэта дазволіць выкарыстоўваць вялікія моўныя мадэлі і аналітычныя прылады без звароту да замежных сервераў, з улікам нацыянальных асаблівасцяў і спецыфікі патрабаванняў бяспекі і абароны даных грамадзян. Пры гэтым прынцыпова важна захаваць баланс: тэхналогіі павінны служыць чалавеку, павышаць якасць жыцця і эфектыўнасць кіравання развіццём, не ствараючы дадатковых рызык і сацыяльнай напружанасці.

— Задачамі падпраграмы «Лічбавая дзяржава» выступаюць устанаўленне новай якасці партнёрскіх адносін «дзяржава — грамадства» і дасягненне «нулявой бюракратыі». Раскажыце пра гэта падрабязней.

— Сёння чалавек прывык да прастаты і хуткасці. Ён замаўляе тавары анлайн, аплачвае паслугі ў некалькі клікаў — і цалкам справядліва чакае такога ж падыходу ад дзяржавы. Грамадзянін не павінен быць «кур’ерам» паміж ведамствамі, прыносячы даведкі. І тым больш у тых выпадках, калі гэтыя даныя могуць быць узятыя з інфармацыйных сістэм. Канцэпцыя «Дзяржава ў кішэні» прадугледжвае менавіта такі падыход.

— Як гэта будзе працаваць?

— Дзяржава прапануе адзіныя, зразумелыя лічбавыя сэрвісы з надзейнай ідэнтыфікацыяй. Чалавеку больш не трэба будзе паўторна падаваць звесткі, якія ўжо ёсць у дзяржавы. Усе паслугі будуць звязаныя і выбудаваныя ў лагічны ланцужок — пад канкрэтную жыццёвую сітуацыю. Мы ўжо вядзём работу і не менш за 10 ключавых комплексных жыццёвых сітуацый будуць цалкам алічбаваныя. Напрыклад, нараджэнне дзіцяці, паступленне ў навучальную ўстанову, купля аўтамабіля, афармленне нерухомасці і іншыя.

Самы наглядны прыклад — нараджэнне дзіцяці. Замест паходаў па розных інстанцыях бацькам прапануецца аформіць пасведчанне аб нараджэнні, дапамогу па доглядзе, месца ў дзіцячым садку. Або купля жылля: праходзіць дзяржаўная рэгістрацыя, фарміруюцца дагаворы на паслугі ЖКГ, прапа-

нуецца рэгістрацыя па месцы жыхарства. Застаецца толькі разгледзець прапанову, скарэкціраваць пры неабходнасці пад свае патрэбы і пацвердзіць, атрымаўшы ў выніку неабходныя дакументы (у тым ліку і ў лічбавым выглядзе).

Адначасова для зручнасці будзе працягнута развіццё каналаў лічбавага ўзаемадзеяння пры аказанні электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур. Гаворка ідзе аб удасканаленні адзінага партала электронных паслуг — Е-Паслугі — з пункту гледжання зручнасці і даступнасці. Пры гэтым за хуткасцю заўсёды стаіць пытанне даверу. Каб лічбавыя сэрвісы працавалі без збояў і лішніх бар’ераў, неабходна надзейна пацвердзіць асобу карыстальніка і абараніць яго даныя. Для гэтага развіваецца сістэма лічбавай ідэнтыфікацыі. Грамадзяне змогуць выкарыстоўваць ІD-карту не толькі ў фізічным выглядзе, але і праз мабільныя дадаткі — для пацвярджэння асобы, уваходу ў дзяржаўныя сэрвісы і выкарыстання электроннага лічбавага подпісу. Паралельна будуць укараняцца рашэнні з ужываннем біяметрычных сродкаў ідэнтыфікацыі. Менавіта такая логіка — хутка, зразумела і без лішняй бюракратыі — павінна стаць нормай. Дзяржава дапамагае чалавеку ў ключавыя моманты жыцця.

— Раскажыце пра падпраграму «Лічбавы суверэнітэт». Якія канкрэтна задачы яна будзе вырашаць?

— Лічбавы суверэнітэт сёння — гэта не абстрактнае паняцце, а практычная неабходнасць. Ён азначае здольнасць дзяржавы незалежна і ўстойліва развіваць лічбавую інфраструктуру, не трапляючы ў крытычную залежнасць ад знешніх пастаўшчыкоў.

Падпраграма накіравана на падтрымку і ўкараненне айчыннага, імпартанезалежнага праграмнага забеспячэння, развіццё ўласных лічбавых кампетэнцый і кадраў.

У краіне пачне працаваць рэестр айчыннага і даверанага праграмнага забеспячэння. Для дзяржаўных органаў ён стане надзейнай крыніцай інфармацыі аб існуючых рашэннях і гарантам іх бяспечнага выкарыстання — прадукты з рэестра будуць мець свой «Знак якасці», пацверджаны дзяржавай.

Асобны кірунак — запуск уласнага асяроддзя распрацоўкі суправаджэння дзяржаўных інфармацыйных сістэм, а таксама нацыянальнай вылічальнай базы для штучнага інтэлекту. Гэта дазволіць забяспечыць перавыкарыстанне распрацаванага праграмнага забеспячэння і тэхналогій, а таксама развіццё айчынных праграмных прадуктаў з адкрытым зыходным кодам і дапаможа знізіць уразлівасць ад знешніх тэхналагічных абмежаванняў.

У выніку лічбавы суверэнітэт — гэта абарона нацыянальных інтарэсаў, устойлівасць эканомікі і ўпэўненасць грамадзян у тым, што ключавыя лічбавыя сэрвісы краіны працуюць надзейна і незалежна.

Крыніца: https://zviazda.by/news/yak-buduts-razvivatstsa-lichbavyya-tekhnalogii-kraine/