Свет імкліва сыходзіць у лічбавае асяроддзе, і мы ідзём у гэтым кірунку ўзважана: без гонкі за модай, але з разуменнем, якія тэхналогіі сапраўды даюць карысць. Не алічбоўваць усё дзеля лічбы, а рабіць эканоміку больш эфектыўнай, жыццё людзей — больш простым і зручным — такія мэты Дзяржаўнай праграмы «Лічбавая Беларусь». Падрабязней пра яе карэспандэнту «Звязды» расказала намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Юлія ШАПКІНА.— Юлія Аляксандраўна, Дзяржаўная праграма «Лічбавая Беларусь» уключае падпраграмы «Эканоміка даных», «Лічбавая дзяржава», «Лічбавы суверэнітэт». Што яны прадугледжваюць?— Падпраграма «Эканоміка даных» — гэта падмурак усёй лічбавай трансфармацыі. Сёння даныя сталі стратэгічным рэсурсам, супастаўным па значнасці з энергіяй або інфраструктурай. Але пакуль дзяржаўныя органы часта працуюць кожны на сваім «лічбавым востраве»: даныя дублююцца, сістэмы недастаткова ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, з-за гэтага расце нагрузка на карыстальнікаў, якім даводзіцца шмат разоў прадстаўляць адны і тыя ж звесткі. Наша задача — стварыць адзіную прастору дзяржаўных даных, дзе інфармацыйныя сістэмы будуць «разумець» адна адну, а прынцып «аднаразовы ўвод інфармацыі — шматразовае выкарыстанне» стане нормай. Такім чынам мы не проста забяспечым алічбоўку ўсіх звестак, але і выключым праяўленне «лічбавай бюракратыі».Адначасова будзе развівацца і тэлекамунікацыйная інфраструктура. Да 2030 года сярэдняя хуткасць мабільнага інтэрнэту ў Мінску павінна дасягнуць 135 Мбіт/с, у раённых цэнтрах — 110 Мбіт/с, а тры чвэрці абанентаў стацыянарнага інтэрнэту будуць карыстацца хуткасцю 100 Мбіт/с і вышэй. Такая база неабходна для запуску сучасных лічбавых сэрвісаў і шырокага прымянення тэхналогій штучнага інтэлекту.Калі «Эканоміка даных» — гэта падмурак лічбавага развіцця, то «Лічбавая дзяржава» — гэта тое, чым будуць забяспечаны людзі. Гаворка ідзе аб пераходзе ад аказання разрозненых электронных паслуг да комплекснага вырашэння пытанняў у рамках жыццёвых сітуацый, у тым ліку па факце іх наступлення.І, нарэшце, «Лічбавы суверэнітэт» — гэта наша тэхналагічная абарона. Мы ведаем, наколькі важна абапірацца на ўласныя рашэнні, таму мы фарміруем імпартанезалежную экасістэму праграмнага забеспячэння.— Прадугледжана, што падпраграма «Эканоміка даных» будзе вырашаць задачы па аказанні паслуг сувязі, якія адпавядаюць новым стандартам якасці жыцця. Якія гэта будуць паслугі? Што датычыцца штучнага інтэлекту, ці будзе ён выкарыстаны ў дасягненні пастаўленых задач?— Падпраграма «Эканоміка даных» цесна звязана з якасцю жыцця. Што датычыцца новых паслуг сувязі, гаворка ідзе перш за ўсё аб стабільным, хуткім і даступным інтэрнэце — у горадзе, у раённым цэнтры, у аграгарадку, дома і на працы.За найбліжэйшыя пяць гадоў сярэдняя хуткасць мабільнага інтэрнэту вырасце прыкладна ў 4 разы (у тым ліку за кошт развіцця сеткі 5G), павялічыцца прапускная здольнасць сетак сотавай сувязі ў 2 разы. Працягнецца падключэнне абанентаў па тэхналогіі GPON, якая ўжо сёння дазваляе забяспечваць хуткасць 100 Мбіт і вышэй. Асноўны акцэнт будзе зроблены на новыя жылыя раёны і індывідуальную забудову, уключаючы сельскую мясцовасць.Інфраструктура — гэта аснова. На яе базе будуць укараняцца і развівацца прыкладныя лічбавыя рашэнні для дзяржавы, бізнесу і грамадзян. Для дзяржавы — гэта лічбавыя платформы ў падатковай і мытнай сферах, транспарце, лясной гаспадарцы, экалогіі, нацыянальнай бяспецы. Для бізнесу — інструменты празрыстага ўліку і нагляду за таварамі, суправаджэнне знешнеэканамічнай дзейнасці, а таксама лічбавыя сэрвісы, якія спрашчаюць паўсядзённую дзейнасць бізнесу. Для грамадзян — інтэлектуальныя сістэмы бяспекі, віртуальныя асістэнты для спрошчанага доступу да дзяржаўных электронных паслуг.Асобная ўвага будзе ўдзелена тэхналогіям штучнага інтэлекту. Ужо сёння ў Беларусі сфарміраваны сур’ё-зныя кампетэнцыі для прымянення ШІ ў медыцыне, біятэхналогіях, фармакалогіі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы. У найбліжэйшыя гады ён стане інструментам паўсядзённай работы дзяржавы — для аналізу вялікіх масіваў даных, прагназавання, падтрымкі прыняцця рашэнняў.Будзе створана нацыянальная платформа кіравання жыццёвым цыклам ШІ-мадэляў, сістэма абязлічаных датасетаў, нацыянальны корпус даных і моўных тэхналогій. Гэта дазволіць выкарыстоўваць вялікія моўныя мадэлі і аналітычныя прылады без звароту да замежных сервераў, з улікам нацыянальных асаблівасцяў і спецыфікі патрабаванняў бяспекі і абароны даных грамадзян. Пры гэтым прынцыпова важна захаваць баланс: тэхналогіі павінны служыць чалавеку, павышаць якасць жыцця і эфектыўнасць кіравання развіццём, не ствараючы дадатковых рызык і сацыяльнай напружанасці.— Задачамі падпраграмы «Лічбавая дзяржава» выступаюць устанаўленне новай якасці партнёрскіх адносін «дзяржава — грамадства» і дасягненне «нулявой бюракратыі». Раскажыце пра гэта падрабязней.— Сёння чалавек прывык да прастаты і хуткасці. Ён замаўляе тавары анлайн, аплачвае паслугі ў некалькі клікаў — і цалкам справядліва чакае такога ж падыходу ад дзяржавы. Грамадзянін не павінен быць «кур’ерам» паміж ведамствамі, прыносячы даведкі. І тым больш у тых выпадках, калі гэтыя даныя могуць быць узятыя з інфармацыйных сістэм. Канцэпцыя «Дзяржава ў кішэні» прадугледжвае менавіта такі падыход.— Як гэта будзе працаваць?— Дзяржава прапануе адзіныя, зразумелыя лічбавыя сэрвісы з надзейнай ідэнтыфікацыяй. Чалавеку больш не трэба будзе паўторна падаваць звесткі, якія ўжо ёсць у дзяржавы. Усе паслугі будуць звязаныя і выбудаваныя ў лагічны ланцужок — пад канкрэтную жыццёвую сітуацыю. Мы ўжо вядзём работу і не менш за 10 ключавых комплексных жыццёвых сітуацый будуць цалкам алічбаваныя. Напрыклад, нараджэнне дзіцяці, паступленне ў навучальную ўстанову, купля аўтамабіля, афармленне нерухомасці і іншыя.Самы наглядны прыклад — нараджэнне дзіцяці. Замест паходаў па розных інстанцыях бацькам прапануецца аформіць пасведчанне аб нараджэнні, дапамогу па доглядзе, месца ў дзіцячым садку. Або купля жылля: праходзіць дзяржаўная рэгістрацыя, фарміруюцца дагаворы на паслугі ЖКГ, прапа-нуецца рэгістрацыя па месцы жыхарства. Застаецца толькі разгледзець прапанову, скарэкціраваць пры неабходнасці пад свае патрэбы і пацвердзіць, атрымаўшы ў выніку неабходныя дакументы (у тым ліку і ў лічбавым выглядзе).Адначасова для зручнасці будзе працягнута развіццё каналаў лічбавага ўзаемадзеяння пры аказанні электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур. Гаворка ідзе аб удасканаленні адзінага партала электронных паслуг — Е-Паслугі — з пункту гледжання зручнасці і даступнасці. Пры гэтым за хуткасцю заўсёды стаіць пытанне даверу. Каб лічбавыя сэрвісы працавалі без збояў і лішніх бар’ераў, неабходна надзейна пацвердзіць асобу карыстальніка і абараніць яго даныя. Для гэтага развіваецца сістэма лічбавай ідэнтыфікацыі. Грамадзяне змогуць выкарыстоўваць ІD-карту не толькі ў фізічным выглядзе, але і праз мабільныя дадаткі — для пацвярджэння асобы, уваходу ў дзяржаўныя сэрвісы і выкарыстання электроннага лічбавага подпісу. Паралельна будуць укараняцца рашэнні з ужываннем біяметрычных сродкаў ідэнтыфікацыі. Менавіта такая логіка — хутка, зразумела і без лішняй бюракратыі — павінна стаць нормай. Дзяржава дапамагае чалавеку ў ключавыя моманты жыцця.— Раскажыце пра падпраграму «Лічбавы суверэнітэт». Якія канкрэтна задачы яна будзе вырашаць?— Лічбавы суверэнітэт сёння — гэта не абстрактнае паняцце, а практычная неабходнасць. Ён азначае здольнасць дзяржавы незалежна і ўстойліва развіваць лічбавую інфраструктуру, не трапляючы ў крытычную залежнасць ад знешніх пастаўшчыкоў.Падпраграма накіравана на падтрымку і ўкараненне айчыннага, імпартанезалежнага праграмнага забеспячэння, развіццё ўласных лічбавых кампетэнцый і кадраў.У краіне пачне працаваць рэестр айчыннага і даверанага праграмнага забеспячэння. Для дзяржаўных органаў ён стане надзейнай крыніцай інфармацыі аб існуючых рашэннях і гарантам іх бяспечнага выкарыстання — прадукты з рэестра будуць мець свой «Знак якасці», пацверджаны дзяржавай.Асобны кірунак — запуск уласнага асяроддзя распрацоўкі суправаджэння дзяржаўных інфармацыйных сістэм, а таксама нацыянальнай вылічальнай базы для штучнага інтэлекту. Гэта дазволіць забяспечыць перавыкарыстанне распрацаванага праграмнага забеспячэння і тэхналогій, а таксама развіццё айчынных праграмных прадуктаў з адкрытым зыходным кодам і дапаможа знізіць уразлівасць ад знешніх тэхналагічных абмежаванняў.У выніку лічбавы суверэнітэт — гэта абарона нацыянальных інтарэсаў, устойлівасць эканомікі і ўпэўненасць грамадзян у тым, што ключавыя лічбавыя сэрвісы краіны працуюць надзейна і незалежна.Крыніца: https://zviazda.by/news/yak-buduts-razvivatstsa-lichbavyya-tekhnalogii-kraine/ PDF