7 ліпеня 2017 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася цырымонія ўрачыстага гашэння паштовай маркі, выпушчанай Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы – класіка сусветнай і беларускай літаратуры. У цырымоніі прынялі ўдзел: Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў; Першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Генадзевіч Шэдко; Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Раманаўна Ляшковіч. У аснове маркі партрэт Янкі Купалы (М.А.Савіцкі, палатно, алей, 1981) са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Менавіта таму сённяшні выпуск – гэта цудоўны падарунак не толькі тым, хто цікавіцца літаратурай, але і аматарам мастацтва. Праз пэндзаль Савіцкага – класіка мастацтва – мы звяртаемся да класіка літаратуры – Купалы. Увагу філатэлістаў прыцягне высокае паліграфічнае выкананне паштовай маркі. Паштовы праект, прысвечаны беларускаму песняру, не першы. Да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы была выпушчана марка і адбылася філатэлістычная выстаўка. Дзмітрый Генадзьевіч Шэдко падзякаваў Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы і Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь за шматгадовае супрацоўніцтва, а таксама адзначыў: “У наступныя гады Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь плануе прадоўжыць выпуск паштовых марак, прысвечаных класікам беларускай літаратуры і мастацтва”. Даведка. Беларускія паштовыя маркі маюць ярка выяўленую нацыянальную скіраванасць і адлюстроўваюць асноўныя бакі жыцця нашай рэспублікі, у тым ліку вялікая ўвага надаецца папулярызацыі культурнай спадчыны Беларусі. Пачынаючы з 1992 года і па цяперашні час, выпушчана ў зварот больш за 1200 паштовых марак. З іх каля 400 прысвечаны нацыянальнай культуры, архітэктуры, мастацтву, літаратуры. Традыцыйным у справе папулярызацыі культурнай спадчыны Беларусі стала плённае супрацоўніцтва беларускай пошты з музеямі Рэспублікі Беларусь. Марка, прысвечаная беларускаму песняру не першая. У 2002 годзе была выпушчана марка да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, а таксама паштовы блок, прысвечаны Купале і Коласу. А ў 2015 годзе марка «Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Янкі Купалы» з серыі «Тэатры Беларусi». Акрамя гэтага, выпушчаны мастацкія канверты, прысвечаныя юбілеям Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы,100-годдзю з дня пастаноўкі камедыі «Паўлінка». Да 120-годдзя з дня нараджэння Купалы і Коласа была прымеркавана III Нацыянальная філатэлістычная выстаўка «Белфіла-2002». У наступныя гады Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь плануе працягнуць выпуск паштовых марак, прысвечаных беларускім пісьменнікам. PDF