7 чэрвеня 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай «30-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Турэцкай Рэспублікай»

Дызайн С.Цырулік.

16 снежня 1991 года Турэцкая Рэспубліка першая ў свеце прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь. 25 сакавіка 1992 года паміж дзвюма краінамі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны і адкрыта Пасольства Турэцкай Рэспублікі ў Мінску, а ў 1997 годзе – Пасольства Рэспублікі Беларусь у Анкары.
За мінулыя 30 гадоў краіны дасягнулі высокага ўзроўню палітычных адносін. Беларусь і Турцыя канструктыўна ўзаемадзейнічаюць на міжнароднай арэне, актыўна развіваюць міжпарламенцкія сувязі.
Дынамічна нарошчваецца інвестыцыйнае і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва: па выніках 2021 года тавараабарот дасягнуў гістарычнага максімуму, перавысіўшы адзін мільярд долараў ЗША.
Узаемадапамога ў пытаннях барацьбы са стыхійнымі бедствамі і пандэміяй пацвярджае гуманітарнае партнёрства. Развіваецца сумесная дзейнасць у галіне навукі, тэхналогій, культуры, адукацыі і турызму, наладжваюцца пабрацімскія сувязі паміж сталіцамі і гарадамі Беларусі і Турцыі.

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы.

Спецыяльнае памятнае гашэнне будзе праводзіцца 1 ліпеня на паштамце Мінска і ў Анкары (Турцыя).