9 кастрычніка 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Сусветны дзень пошты».

Дызайн Соні Дзеноўскі, Марыны Віткоўскай.

Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты – адзін з міжнародных дзён, якія адзначаюцца ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У 1874 годзе ў гэты дзень быў утвораны Сусветны паштовы саюз. Афіцыйнае паведамленне аб правядзенні Сусветнага дня пошты прагучала на Кангрэсе Сусветнага паштовага саюза, які адбыўся ў Токіа ў 1969 годзе. З таго часу Сусветны дзень пошты адзначаюць у шматлікіх краінах свету.
У 2022 годзе Беларусь падтрымала ініцыятыву Міжнароднага бюро СПС пра выпуск краінамі-членамі СПС і іх назначанымі аператарамі памятнай паштовай маркі да Сусветнага дня пошты. Спецыяльную марку, канверт Першага дня і спецштэмпель распрацаваў Сусветны паштовы саюз (дызайн Соні Дзеноўскі).
Марка друкавалася з эмблемай Сусветнага паштовага саюза.

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».